Нічыпаровіч-Сіняўская Іна - казка "Дзве ружы"

У адным цудоўным садзе расло шмат прыгожых кветак.
Раслі ў гэтым садзе два куста руж: белая і чырвоная. Белая ружа глядзела на чырвоную і думала пра тое, якая ж яна прыгожая.
- О, калі б я была чырвонай, а не белай я была б шчаслівая!- і ціхенька ўздыхала.
А чырвоная глядзела на белую і ёй хацелася быць белай, пяшчотнай, паветранай.
- Ну, чаму я чырвоная? Як гэта несправядліва! - шкадавала чырвоная ружа.

Аднойчы ў гэты сад прыйшоў мастак. Ён вельмі любіў маляваць кветкі. Больш за ўсё яму спадабаліся ў садзе ружы. Белая і чырвоная. Белая была паветранай, пяшчотнай, чыстай, як ранішняя раса. Чырвоная была яркая, палымяная, як захад. Абедзве яны былі непаўторныя. Абедзве яны былі iдэальныя . Яны былі розныя, але кожная па-свойму была цудоўная. Мастак, любуючыся імі, думаў аб тым, як спраўны Творца ў стварэнні такой прыгажосці, абсалютнасці i непаўторнасці. А яму заставалася толькі пераносiць гэтыя тварэннi фарбамі на паперу.
І раптам яго разважанні перарваў чыйсьці ціхі, пяшчотны галасок. Гэта была белая ружа. Яна прасіла мастака, усё выправіць.

- Перафарбуй мяне, калі ласка, у чырвоны колер. Гэта маё самае запаветнае жаданне! – прасіла яго ружа.
Мастак спрабаваў адгаварыць яе, распавядаючы пра тое, якая яна прыгожая, але белая ружа нічога не хацела слухаць. У яе была адна адзіная мара – стаць чырвонай, стаць яркай. І мастаку прыйшлося саступіць. Ён выканаў просьбу белай ружы. Не паспеў ён яе дафарбаваць, як раптам пачуў голас чырвонай ружы. Чырвоная ружа ў сваю чаргу прасіла яго пафарбаваць у белую, кажучы пра тое, што ўсё жыццё марыла быць белай, пяшчотнай, паветранай. На гэты раз мастак не ўгаворваў, ён зрабіў тое, аб чым яго прасілі. Потым, сабраўшы свае фарбы і мальберт, мастак з сумам у задуменнасці пакінуў сад.

Ружы радаваліся. Яны атрымалі тое, аб чым марылі. Калі яны супакоіліся, то сталі разглядаць адна адну. І раптам белая ружа зразумела, якую памылку яна зрабіла. Яна ўсвядоміла ўсё сваё хараство і прыгажосць, якое ў яе было. Цяпер яго няма. І ў гэтым яна можа вінаваціць толькі сябе. У чырвоным колеры яна адчувала сябе няўтульна, бо ўнутры яна была пяшчотная i паветраная. У сваю чаргу чырвоная ружа зразумела, што белы колер ёй зусім не ідзе. З яе-та тэмпераментам! Яна глядзела на белую ружу, дакладней цяпер чырвоную, і думала, якая яна была неразумная. Яна не шанавала тое, што ў яе было. І яны зразумелi, што ствараючы, Творца ніколі не памыляецца. Нават калі табе часам так здаецца. Але, што рабіць цяпер?

Ружы кожны дзень з нецярпеннем чакалі мастака. Яны хацелі, каб іх зноў перафарбавалі. Але мастак не прыходзіў. Прайшло некалькі дзён, а яго ўсё не было. Ружы з кожным днём станавіліся ўсё больш сумнымi, губляючы надзею.
Калі ружы змірыліся са сваім няправільным выбарам, пайшоў дождж. Кроплі дажджу падалі на ружы, змываючы фарбу і ператвараючы іх зноў у iдэальныя стварэннi. Разам з кроплямі дажджу па пялёстках руж сцякалі слёзы. Слёзы радасці.
Калі мастак прыйшоў у сад, пасля працяглай хваробы, то ўбачыў, што Творца ніколі не памыляецца.

Вход в систему